з Клары Шiлке
У сярэдзіне мая Канікулы разам з беларускімі і нямецкімі валанцёрамі арганізавалі ўжо традыцыйны лагер для дзяцей з інтэрнату ў Навінках.
У гэтым годзе мы ізноў ездзілі з дзецьмі ў Ждановічы, у санаторый на ўскрайку Мінска. Разам з дзецьмі мы правялі там надзвычай насычаны і багаты на падзеі час.
Кожны дзень пачынаўся з ранішняй гімнастыкі на свежым паветры, якую арганізоўвалі супрацоўнікі санаторыя. Пасля гэтага ўсе разам ішлі ў сталовую на сняданак. Потым пачыналася ранішняя праграма, якая вар’іравалася адпаведна надвор’ю — мы выпякалі тарты, малявалі, выраблялі фігуркі з салёнага цеста, гулялі на возеры, рабілі дзецям масаж. Мы, валанцёры, мелі пры сабе музычныя інструменты — трашчотку, скрыпку і гітару, дзякуючы якім усе нашы заняткі суправаджаліся музыкай.
Пасля абеду кожныя два дні санаторый забяспечваў дзецям масаж або цепласвятлолячэнне, пасля якіх згодна з планам у нас быў пасляабедзенны адпачынак. У другой палове дня мы часцей за ўсё шпацыравалі да возера, што знаходзіцца непадалёку, або разам рыхтавалі хлеб для запякання на вогнішчы ўвечары. Таксама часта мы разам з дзецьмі проста ляжалі на поплаве на сонейку, рабілі ім масаж, гулялі ў розныя гульні з мячом або ішлі гуляць пешкі. Паколькі кожны з нас даглядаў адно канкрэтнае дзіця, праз пэўны час мы маглі заўважыць, хто з іх у якой сітуацыі больш раскрываўся.
Да прыкладу, Сяргей больш за ўсё любіў, каб яму рабілі масаж, або гушкалі ў гамаку, у той час як Ёшуа паказаў сваё захапленне гітарай, а Цімафей не хацеў сыходзіць з танцпляцоўкі дыскатэкі.
Пасля гэтых дзесяці дзён у кожнага з нас, валанцёраў, склаліся вельмі цёплыя адносіны з кожным дзіцем, але асабліва з тым, якім валанцёр гэты час апекаваўся.
Праз дапамогу лагера таксама відавочна аблегчылася праца ў інтэрнаце ў Навінках для валанцёраў. Цяпер мы лепш вывучылі некаторых дзяцей і зразумелі, як мы можам працаваць з імі ў інтэрнаце. Трэба адзначыць, што пасля лагера і супрацоўнікі інтэрната сталі да нас больш прыязнымі і адкрытымі.
Але самым вялікім падарункам для нас, валанцёраў, стала заўважнае развіццё кожнага асобнага дзіцяці. Усведамленне таго, як шмат усяго прыхавана ў кожным асобным дзіцяці, прымусіла нас забыцца на цяжкасці і бяссонныя ночы. Так Паша і Віка пачалі ўсміхацца — гэта тое, чаго мы раней ніколі не бачылі. Сяргей дазволіў сябе абдымаць і ахвотна вазіў іншых дзяцей на калясцы.